ФІЛІ́П IV Прыгожы

(Philippe le Bel; 1268, г. Фантэнбло, Францыя — 29.11.1314),

кароль Францыі [1285—1314]. З дынастыі Капетынгаў. Унук Людовіка IX Святога. Кароль Навары з 1284. Далучыў да каралеўскага дамена Ангумуа (1308), Ліёнэ (1312). Ваяваў з Англіяй за Гіень (занята франц. войскамі ў 1294, вернута Англіі ў 1300). У 1300 захапіў Фландрыю, што выклікала паўстанне фландрыйскіх гарадоў (гл. «Бругская ютрань»). Для вядзення войнаў выкарыстоўваў экстраардынарныя падаткі: прымусовыя пазыкі, пераштампоўку манет (атрымаў мянушку «фальшываманетчык»); у 1306 выгнаў з каралеўства яўрэяў і канфіскаваў іх маёмасць; абклаў падаткамі духавенства, што выклікала канфлікт (1296—1303) з папам Баніфацыем VIII, у якім Ф. IV стаў пераможцам (гл. Авіньёнскае паланенне папаў). Ліквідаваў ордэн тампліераў, канфіскаваў іх маёмасць, дамогся скасавання ордэна папам (1312). Склікаў першыя Генеральныя штаты (1302).

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)